Back
Мінулае застаецца

   Маё дзяцінства і юнацтва звязаны з самым лепшым куточкам на зямлі – з Даўгінаўскім трактам. Памяць захавала ўсе былыя пабудовы, кожную сцежачку, вымашчаную брукам дарогу. Тут быў базар, маленькі скверык, некалькі хліпкіх крам і піўнушка, дзе наліваўпіва, страціўшы на вайне нагу, Ілля Ключ.
   Захавала памяць расповяды і маёй хроснай маці Марусі Суботка. Яна ў час вайны жыла ў Мінску. Да вайны працавала разам з мужам на бісквітнай фабрыцы. Перад вайной атрымалі пакойчык у новым фабрычным доме ў Тарфяным завулку. Калі ў горадзе сталі панаваць немцы, жыльцоў выкінулі на вуліцу і зрабілі пастой для нямецкіх афіцэраў.
   Даўгінаўскі тракт, Даўмана, Старажоўка з рачулкай Пярэспа, тады яшчэ не схаванай у трубы. На Старажоўцы знаходзіліся могілкі, якія былі знесены да
вайны і была царква св. Марыі Магдалены, узведзеная ў 1847 г. Царкву разбамбілі ў пачатку вайну. Вядома, што ў Мінску ў час акупацыі была арганізавана падпольная дзейнасць. 22 верасня 1943 года падпольшчыкі ліквідавалі гаўляйтэра Кубэ. Тады з турмы растралялі 300 чалавек, а на Старажоўцы 
хапалі заложнікаў. Гналі іх на плошчу перад былой царквой. Там стаялі машыны, у якія грузілі людзей. Затрымалі і Марусю, маладую, невялічкую, худзенькую жанчыну. Яна вырывалася, але дзе там…
   Два здаравякі паліцаі цягнулі яе за рукі. Як магла, жанчына ўпіралася. Яе збілі з ног і валаклі па зямлі праз былы пагост. Маруся малілася, прасіла літасці
Божай, каб заступілася Багародзіца. Няхай лепш застрэляць тут, каб не давялося пазнаць здзекаў. Паліцаі лаяліся, але не пакідалі сваю здабычу. Ужо былі відаць машыны, чуваць быў роў матораў і крыкі такіх жа прыхвасняў, каб паспяшаліся, бо яны адпраўляюцца. Змораныя і змакрэлыя дзяцюкі, не дацягнуўшы жанчыну пару соцень метраў, кінулі яе і пабеглі да машын.   
   Маруся плакала, цалавала зямлю, дзякавала Маці Божую і не магла паверыць, што пазбегла самага жудаснага.
   Пасля вайны на былым пагосце быў пабудаваны кінатэатр “Спартак”. У пабудове, што засталася ад царквы, доўга знаходзіўся нейкі архіў. Калі
даводзілася там прайсці, хросная хрысцілася і казала: “Гэта святое месца. Багародзіца пачула маю малітву. Тут павінна стаяць царква”.
   Прайшлі гады. Даўно няма маёй хроснай. Пабудавалі, адрадзілі прыгожы, цудоўны храм св. Марыі Магдалены. Стаіць царква, як маналіт. Ідуць у Храм і з радасцю, і ў скрусе, і ў жальбе. Гараць свечкі, ўзносяцца малітвы. І можа тут Гасподзь лечыць душу, явіць надзею і дапамагае знайсці саму ісціну і
служыць дабру. І ў гэтым Храме, на святым намоленым месцы, хрысцілі маіх унукаў.

 

Алена Фёдараўна Хахелька