Back
Бацька і сын Гаранскія

Амаль восемдзесят гадоў таму скончылася Вялікая Айчынная вайна. Змяняюцца пакаленні, але нягледзячы на гэта мы памятаем і будзем памятаць тых, хто не шкадаваў жыцця дзеля нас – пакаленняў, якія жывуць ў ХХІ стагоддзі. У дадзенай публікацыі мы хочам распавесці пра сваіх дзядулю і прадзядулю – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Пра іх жыццё ў ваенныя гады мы ведаем па аповедах родных і блізкіх, а таксама па дакументах і матэрыялах, размешчаных на партале «Памяць народа». На жаль, мы не засталі іх жывымі.

Мяфодзій Антоновіч Гаранскі

Прадзядуля Мяфодзій Антонавіч Гаранскі нарадзіўся ў 1898 г. у вёсцы Навікі Полацкага павета Віцебскай губерні (цяпер Шумілінскі раён Віцебскай вобласці). У даваенны час ён жыў і працаваў у в. Саннікі Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. Пасля пачатку Вялікай Айчыннай застаўся ў вёсцы паколькі не быў прызваны ў Чырвоную армію. Напрыканцы чэрвеня 1944 г. пачалося вызвалення Бешанковіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прадзядуля разам з сынам Іванам 25 чэрвеня (паводле ваеннага білета дзядулі) былі прызваны ў войска і накіраваны ў 176-ы армейскі запасны стралковы полк 6-й гвардзейскай арміі . 26 чэрвеня Бешанковіцкі раён быў цалкам вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
З 3 ліпеня 1944 г. прадзядуля на фронце . Ён з’яўляўся стралком 158-га гвардзейскага стралковага палка 51-й гвардзейскай стралковай дывізіі 6-й гвардзейскай арміі. Прымаў удзел у Полацкай (вызваляў Полацк) і Шаўляйскай наступальных аперацыях Чырвонай арміі. Згодна журналу баявых дзеянняў 158-ы гвардзейскі стралковы полк з 20 па 26 ліпеня 1944 г. вёў наступальныя баі ў напрамку літоўскіх населеных пунктаў Рушкулішкі (Rotuliškės) – Міхалова (Mikalavas) . У выніку наступу полк панёс страты: было забіта 7 афіцэраў, 8 сяржантаў і 59 радавых. Сярод загінулых быў і наш прадзядуля.
Паводле адных данясенняў, М. А. Гаранскі загінуў 23 ліпеня , паводле іншых звестак – 24 ліпеня . Сёння яго прах спачывае на вайсковых могілках пры дарозе Зарасай – Дукштас каля в. Смолвы (Smalvos) Зарасайскага раёна (Zarasų rajono savivaldybė) Уцянскага павета (Utenos apskritis) Літоўскай Рэспублікі .

 
Зводная інфармацыя аб М. А. Гаранскім на партале «Памяць народа»

 
Вайсковыя могілки пры дарозе Зарасай – Дукштас каля в. Смолвы Зарасайскага раёна Уцянскага павета Літоўскай Рэспублікі, дзе пахаваны М. А. Гаранскі

Мемарыяльная дошка, на якой пазначана імя М. А. Гаранскага

Іван Мяфодзьевіч Гаранскі

Дзядуля Іван Мяфодзьевіч Гаранскі нарадзіўся 7 лістапада 1923 г. у вёсцы Саннікі Лепельскага павета Віцебскай губерні (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці). Скончыў 4 класы мясцовай школы. Да і пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны займаўся земляробствам у роднай вёсцы. 25 чэрвеня 1944 г. Бешанковіцкім райваенкаматам быў прызваны разам з бацькам у войска і накіраваны ў 176-ы армейскі запасны стралковы полк 6-й гвардзейскай арміі. Трэба адзначыць, што ў імянным спісе асобаў мабілізаваных і накіраваных у 176 азсп прозвішча дзядулі ў адрозненне ад прозвішча прадзядулі напісана з памылкай: прапушчаны першыя дзве літары .
Паводле ваеннага білета, ваенную прысягу дзядуля прыняў 4 ліпеня 1944 г. стралком 156-га стралковага палка 16-я стралковай дывізіі (2-га фарміравання). 18 ліпеня 1944 г. падчас наступлення Чырвонай арміі на паўднёвы захад ад Дзвінска (Daugavpils) на Панявежскім напрамку дзядуля быў паранены ў абедзве галёнкі .
Згодна з сямейным паданнем, дзядуля пасля шпіталя вырашыў заехаць дадому, паколькі яго маці пасля іх з бацькам мабілізацыі засталася адна з малодшым братам. Вяртаючыся ў размяшчэнне палка, дзядуля спазніўся, за што ў снежні 1944 г. быў адпраўлены стралком у 37-ю асобную штрафную роту 6-й гвардзейскай арміі. 20 лютага 1945 г. дзядуля быў зноў паранены, на гэты раз у правае плячо . Згодна з дзеючым на той час Палажэннем аб штрафных ротах, лічылася, што штрафнікі, якія атрымлівалі раненне ў баі, адбылі пакаранне, у сувязі з гэтым дзядуля пасля выздараўлення быў зноў накіраваны стралком у 156-ы стралковы полк 16-я стралковай дывізіі (2-га фарміравання).
На працягу зімы – вясны 1945 г. дзядуля прымаў удзел у Курляндскай наступальнай аперацыі Чырвонай арміі. 8 мая яго полк разам з іншымі злучэннямі Чырвонай арміі прыняў капітуляцыю частак нямецкай групоўкі ў Курляндыі (гістарычная вобласць Латвіі) . 9 мая 1945 г. было прынята рашэнне аб узнагароджанні радавога І. М. Гаранскага медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».
Пасля Перамогі дзядуля працягнуў службу ў войску. З чэрвеня 1945 па студзень 1946 г. быў лінейным наглядчыкам 18-й асобнай кабельна-шаставой роты 6-й гвардзейскай арміі, а са студзеня 1946 па сакавік 1947 г. – лінейным наглядчыкам 904-га асобнага батальёна сувязі . І. М. Гаранскі дэмабілізаваўся з войска 19 сакавіка 1947 г. у адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 лютага 1947 г.
Вярнуўшыся ў родную вёску, дзядуля ўсё жыццё адпрацаваў у калгасе імя Ільіча. Паводле ўспамінаў родных, у нашай сям’і мала гаварылі пра вайну. Дзядуля амаль не дзяліўся ўспамінамі пра вайсковыя гады жыцця. Сёння ў шматлікіх публікацыях, успамінах адзначаецца, што ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны не вельмі ахвотна дзяліліся ўспамінамі пра тыя цяжкія гады жыцця і выпрабаванняў. Нам жа не пашанцавала ўвогуле, дзядуля памёр 12 лютага 1980 г. – задоўга да нашага нараджэння.
Гэтай публікацыяй мы бы хацелі аддаць даніну павагі нашым родным і блізкім, а таксама кожнаму воіну, які праліваў кроў за Радзіму і за жыццё будучых пакаленняў.

 

Іван Мяфодзьевіч Гаранскі

Старонка з ваеннага білета І. М. Гаранскага

Старонка з дакументаў на партале «Памяць народа»

 


Загадчык аддзела навукова-інфармацыйнай работы
Інстытута гісторыі НАН Беларусі,
кандыдат гістарычных навук
Аляксандр Віктаравіч Бараноўскі

Выкладчык матэматыкі Мінскага дзяржаўнага
механіка-тэхналагічнага каледжа,
магістр педагагічных навук
Анастасія Анатольеўна Бараноўская

(г. Мінск)