Back
Пра прадзеда Мікалая Раманавіча Грышчанку

У кожнага з нас ёсць нешта святое, што застаецца назаўсёды ў сэрцы – гэта Радзіма, маці, сям’я. Мая сям’я – гэта брат, мама, тата, бабуля, дзядулі. Мая сям’я – гэта і тыя дарагія людзі, якія жывуць у шматлікіх гарадах, вёсках нашай Беларусі, былога Савецкага Саюза.
Я вельмі люблю такія моманты, калі вечарамі мае бацькі расказваюць пра нашых родных, калі мы пераглядаем сямейныя фотаздымкі, і я з задавальненнем слухаю цікавыя сямейныя гісторыі. Таксама мы любім наведваць тыя населеныя пункты, дзе раней жылі мае продкі.
Неяк вечарам мы разглядалі фотаздымкі, медалі прадзеда часоў Вялікай Айчыннай вайны. Я вырашыў падрабязней даведацца пра свайго прадзеда, пра Вялікую Айчынную вайну, якая прымусіла майго прадзядулю пайсці абараняць Айчыну, пра жыццё савецкага салдата, які дайшоў да Вялікай Перамогі.
У час напісання гэтай работы я наведаў Быхаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, дзе маю ініцыятыву падтрымаў дырэктар музея Сяргей Піліпавіч Жыжыян. Сяргей Піліпавіч расказаў мне пра партызанскі рух на Быхаўшчыне, пра знаходкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, знойдзеныя падчас раскопак, якія праходзяць пад яго кіраўніцтвам, расказаў пра экспанаты часоў Вялікай Айчыннай вайны, што знаходзяцца ў музеі.
Нарадзіўся Мікалай Раманавіч Грышчанка ў вёсцы Уюн Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў снежні 1923 г. у шматдзетнай сям’і. У пашпарт запісалі 1 студзеня 1924 г. Маці майму прадзядулю сказала: «Ты калі, сынок, нарадзіўся, то назаўтра Мікола быў, таму цябе і назвалі – Мікола». У 1938 г. прадзядуля скончыў Уюноўскую сямігадовую школу. Працягнуў вучобу ў сярэдняй школе № 1 горада Быхава. Часам жыў на кватэры, а калі не было грошай на кватэру, то часцей за ўсё хадзіў у школу пешшу. У той час мой прадзядуля пражываў у вёсцы Уюн, якая размешчана ў 15 кіламетрах ад Быхава. І вучыўся добра, з адзнакай скончыў школу, хоць у той час кніг, падручнікаў не хапала. 10 класаў прадзядуля скончыў у 1941 г. Пачалася вайна, прадзядуля становіцца партызанам. Ваяваў у 152-м партызанскім атрадзе 4-й Клічаўскай брыгады, затым у адным з батальёнаў 152-га партызанскага палка, камандзірам якога быў М.Дз. Грыцан.
За заслугі перад Айчынай мой прадзядуля, Мікалай Раманавіч Грышчанка, узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й ступені, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём «За баявыя заслугі» і шматлікімі юбілейнымі ўзнагародамі. Яму было прысвоена званне «Ветэран працы».

 

М. Р. Грышчанка з баявымі таварышамі

Прадзядуля ў вайну тры разы быў цяжка паранены, апошняе раненне суправаджалася цяжкай кантузіяй. Толькі цуд выратаваў яму жыццё. Гэта было так. У групе салдат, з якімі ішоў мой прадзядуля, хтосьці наступіў на міну. Прагрымеў выбух. Прадзядулю засыпала зямлёй, ён быў паранены, кантужаны. Праз гэтую мясцовасць потым ішлі салдаты. Адзін з іх ботам наступіў на твар майму прадзядулю. У гэты момант прадзядуля застагнаў, яго адкапалі. Потым ён трапіў у шпіталь. Са шрамам ад абцаса бота на губе прадзядуля пражыў усё жыццё. Доўгае лячэнне пасля кантузіі, прагнозы ўрачоў, што будзе інвалідам і калекам на ўсё жыццё… Мікалай Раманавіч успамінаў, што настолькі жыць хацелася, што настолькі хацелася пабачыць родных, таму не верыў урачам, не верыў ніводнаму іх слову, ніводнаму прагнозу. І здарылася неверагоднае – выздараўленне пасля доўгага лячэння. Ніякай думкі іншай у прадзядулі не было, як вярнуцца зноў на фронт да баявых таварышаў, з якімі дайшоў да Берліна. Потым служба працягнулася. Вяртанне дамоў было няхуткім.
Пасля злучэння партызан з Чырвонай арміяй у лютым 1944 г. прадзед трапіў у 58-ы запасны полк, які дыслакаваўся ў вёсцы Хляўно пад Слаўгарадам. Там скончыў школу кулямётчыкаў, застаўшыся верным гэтаму віду стралковай зброі да канца вайны.
У красавіку 1944 г. быў ужо на перадавой. Пачалася аперацыя «Баграціён» па вызваленні Беларусі. У складзе 356-га стралковага палка ўдзельнічаў у баях за Магілёў. Пасля яго вызвалення часці накіравалі на ліквідацыю гітлераўскіх войскаў у «Бабруйскім катле». Па ўспамінах майго прадзеда, вельмі цяжкім быў сам кідок на Бабруйск. Тэхнікі не хапала, і значную частку шляху даводзілася ісці пешшу, пры гэтым па каменным тракце трэба было цягнуць цяжкі кулямёт «Максім».
Пасля разгрому акружанай групоўкі пад Бабруйскам рушылі на Мінск. Пакуль дабраліся да яго, ён быў ужо вызвалены. Далей полк удзельнічаў у вызваленні Маладзечна, Беластока, а потым яго перакінулі на Ломжу, дзе ён заняў плацдарм.
У студзені пачалося наступленне. Прадзядуля ў складзе свайго палка ўдзельнічаў у вызваленні Данцыга, Гдыні, Кёзліна, Шчэціна.
Расказваў прадзядуля і пра тое, як у канцы лета 1944 г. савецкія войскі падышлі да Варшавы і на доўгі час спыніліся на берагах Віслы.
Байцы здзіўляліся, чаму ж камандаванне не дае загадаў на ўзяцце Варшавы. Толькі праз шмат гадоў стары салдат даведаўся пра сапраўдны стан падзей. Тады ў Варшаве праходзіла паўстанне патрыётаў супраць фашыстаў, якія хацелі вызваліць ад іх горад і адначасова не дапусціць савецкія войскі ў сталіцу.
Вось які выпадак здарыўся ў горадзе Гдыня. Там, дзе каса ўразаецца ў Балтыйскае мора (яе шырыня ад двухсот метраў да двух кіламетраў), сканцэнтраваля велізарная колькасць немцаў і ўласаўцаў. Каля 70 тысяч немцаў і 5 тысяч уласаўцаў. Пасля жорсткіх баёў, разумеючы марнасць супраціўлення, фашысты пачалі масава здавацца.
Пасля ўзяцця Шчэціна полк перакінулі пад Берлін. Рассяродзіцца ўдалося 30 красавіка. А ў ноч з 1 на 2 мая Берлін капітуляваў. Колькі было радасці.
У канцы снежня 1946 г. мой прадзед дэмабілізаваўся з радоў Савецкай арміі. Вярнуўся дадому 2 студзеня 1947 г. Калі выйшаў з цягніка на станцыі Быхаў, то горада не было, вакол былі адны руіны. Удалечыні быў бачны Днепр. Пешшу дабраўся дадому, роднай вёскі таксама не было. На месцы Уюна было голае поле, пакрытае снегам, а з-пад зямлі ў многіх месцах ішоў дым. Гэта людзі жылі ў зямлянках. Бо была зіма, і людзі тапілі печы.
Пасля вайны М. Р. Грышчанка працаваў брыгадзірам будаўнічай брыгады па аднаўленні роднай вёскі, намеснікам старшыні калгаса «Баявы шлях». У жніўні 1947 г. прызначаны настаўнікам пачатковых класаў у Ямніцкую няпоўную школу, дзе сустрэў сваю будучую жонку, маю прабабулю, Хрысціну Іванаўну Бараноўскую. Яна таксама працавала ў Ямным настаўніцай. Пажаніліся яны 7 лістапада 1948 г. Яны разам пражылі душа ў душу 55 гадоў. У чэрвені 2003 г. прабабулі не стала. Дарэчы, у часы Вялікай Айчыннай вайны яна была партызанскай сувязной.
У верасні 1949 г. прадзед М. Р. Грышчанка прызначаны загадчыкам Лагадаўскай пачатковай школы, дзе працаваў да 1953 г. У 1951 г. уступіў у члены КПСС. Са жніўня 1953 г. – інструктар Быхаўскага райкама партыі. З 1953 па 1955 г. працаваў у Чорным Бары вызваленым сакратаром партыйнай арганізацыі. Затым да 1956 г. працаваў начальнікам цэха тары на агароднінасушыльны камбінаце г. Быхава. У 1957 г. працаваў інспектарам дзярждаходаў Быхаўскага райфінаддзела, а ў 1959 г. пачынае сваю працоўную дзейнасць у Макранскай сярэдняй школе. 27 чэрвеня 1970 г. завочна скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага педагагічнага ўніверсітэта. У Макранскай школе прапрацаваў да 1984 г., выкладаў геаграфію, грамадазнаўства, гісторыю.
У маіх прадзеда і прабабулі нарадзілася трое дзяцей, усе атрымалі педагагічную адукацыю. Па настаўніцкіх слядах пайшлі і яго ўнукі, і праўнукі.
З часоў вайны прадзядулю запомніліся многія франтавыя песні. Іх ён мне часта спяваў. Добра Мікалай Раманавіч ведаў матэматыку. А працаваў настаўнікам гісторыі. Гісторыю ён таксама ведаў на выдатна. Ніколі прадзядуля не пераблытаў факты, даты, гістарычных асоб. Асабліва ўсхваляванымі былі пытанні пра вайну і аповеды прадзядулі, якія дапаўняліся рэальнымі суровымі фактамі.
Ён быў вельмі разумным, рознабакова развітым. Прадзядуля таксама вельмі цікавіўся сваім паходжаннем, сваім радаводам. Вядомы той факт, што «пасля пераможнай для Расійскай імперыі вайны і першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. імператрыца Кацярына II раздавала заваяваныя землі сваім салдатам-рэкрутам». У іх ліку атрымаў свой надзел зямлі каля рэчкі Мары і наш продак Грышчанка. Вёсцы, што заснавалі перасяленцы, яны далі назву Уюн, бо ў рацэ вадзілася шмат уюноў.
Памёр прадзядуля 1 жніўня 2010 г.
Мы вельмі любілі і паважалі прадзеда, працягваем і зараз любіць і паважаць нашага партызана. Яму мая мама, Алена Уладзіміраўна Цывілька, прысвяціла вершы і нарыс.
Пра майго прадзядулю на старонках сродкаў масавай інфармацыі неаднаразова были надрукаваны артыкулы.
 Лёс майго прадзеда Мікалая Раманавіча Грышчанкі і тыя падзеі, якія суправаджалі яго лёс, ёсць напамінам аб жудасных днях вайны, якая няхай ніколі не паўторыцца!

 

Вучань 10-га класа ДУА «Макранская сярэдняя школа»
Павел Цывілька
(в. Макраны, Быхаўскі раён, Магілёўская вобласць)