З дзяцінства мне прыходзілася чуць ад сваёй маці кароткія згадванні аб гадах і гадзінах, праведзеных ў нямецкай няволі, куды яна ў 15-гадовым узросце была прымусова вывезена. Пачутае ў дзяцінстве не выбудавалася ў нейкае асэнсаванае бачанне гісторыі яе знаходжання на працы ў баўэра. Заўсёды, калі мама ўспамінала пра Германію выцірала хусцінкаю слёзы… Амаль нічога не гаварыў аб сваім знаходжанні ў канцлагеры і бацька. Толькі ў пачатку 1990-х гадоў, калі пачалі выдаваць маркі остарбайтарам, бацькі прызналіся, што давалі падпіску аб «неразглашэнні» свайго знаходжання ў Нямеччыне. Успаміны, якія друкуюцца ніжэй, былі занатаваны мною з іх слоў падчас шматлікіх гутарак з маці Марыяй Адамаўнай і бацькам Міхаілам Іванавічам ў 1990-х гадах. Асобныя размовы былі запісаны на дыктафон і сёння, слухаючы галасы маіх родзічаў, ужо я ўпотай выціраю слёзы…
З успамінаў маці — былой «остарбайтаркі»
Я, Літвін Марыя Адамаўна, нарадзілася 20 лістапада 1926 г. у вёсцы Семігосцічы ў сялянскай сям’і. Мой бацька Альгамец Адам Фёдаравіч, 1883 г. н., і маці Альгамец Марта Іванаўна, 1883 г. н., жылі ў вёсцы і працавалі на ўласнай гаспадарцы. Я была самай малодшай у сям’і. Акрамя мяне ў нашай сям’і былі яшчэ дзве сястры і брат. Старэйшым быў брат Ціт (1907 г. н.), сёстры Ганна (1912 г. н.) і Аксана (1922 г. н.). Брат з жонкай Ганнай і дзецьмі Аленай (1927 г. н), Параскай (1934), Надзеяй (1936 г. н.) і сынам Міхаілам (1938 г. н.) жылі разам з намі ў адной хаце, якая мела дзве паловы. Сястра Ганна з мужам Якавам Сяргеевічам Клецунам і дзвюма дзяўчынкамі Любай (1937 г. н.) і Марыяй (1939 г. н.) мелі сваю гаспадарку і жылі асобна. Чацвёра іх дзяцей, якія нарадзіліся раней, памерлі яшчэ да вайны.
Вясной 1939 г. я скончыла шэсць классаў польской школы з адзнакай «бардзо добже». Наш школьны настаўнік паляк Мазур Уладыслаў у гутарках з бацькам раіў адправіць мяне працягваць вучобу далей, гаварыў, што я маю здольнасці да вучобы і змагу вывучыцца на настаўніцу. Для маіх бацькоў гэта было складанае пытанне. У нашай школе была шасцігодка, а ў сёмы клас трэба было хадзіць за 7 кіламетраў у суседнюю вёску Альшаны. Я была маленькага росту, дробненькая. Да таго ж вельмі шмат было працы па гаспадарцы і трэба было дапамагаць бацькам.
Да лета 1939 г. асобнага будынка школы ў нашай вёсцы не было. Заняткі праходзілі ў арэндаваных пад школьныя класы пакоях ў сялянскіх хатах. У адным пакоі займаліся вучні розных класаў. Адзін рад займаў 6 клас, другі — 5 клас. Звычайна заняткі вёў адзін і той жа настаўнік. Летам 1939 г. была пабудавана драўляная школа. Але адчынілася яна ўжо пры новай уладзе.
Не ведаю, магчыма я і працягвала б вучобу ў 7 класе, аднак 1 верасня Германія напала на Польшчу. Пачалася вайна. Раніцай 17 верасня 1939 г. мы ўжо сустракалі часці Чырвонай Арміі, якія ўвесь дзень рухаліся ад былой мяжы з СССР ў напрамку Давыд-Гарадка. Наша вёска знаходзілася ў 7 км ад граніцы, таму мы крыху ведалі аб тым, што адбывалася ў Савецкім Саюзе. Асобныя актывісты ўпотай хадзілі праз мяжу ў Тураў, а потым ужо па вёсцы распаўсюджваліся звесткі аб тым, як жывуць людзі пры саветах. Асобныя з іх за сувязь з бальшавікамі праследаваліся польскімі ўладамі, як, напрыклад, родны дзядзька майго будучага мужа Павел Цімафеевіч Літвін, разам з нашымі суседзямі Сцяпанам Арляніным і Пятром Дубейкам у пачатку 1930-х гадоў былі арыштаваны палякамі і пакараныя на шмат гадоў пазбаўлення волі. Вярнуліся яны ў канцы канцы 1939 — пачатку 1940 г. П. Ц. Літвін быў спачатку часова старшынёй Давыд-Гарадоцкага райвыканкама, а затым працаваў старшынёй Альшанскага сельсавета. С. Арлянін быў брыгадзірам у нашым калгасе. П. Дубейка вярнуўся з турмы хворым і хутка памер, яшчэ да прыходу немцаў.
Памятаю, што ўсім цікава было ведаць як жывуць людзі ў СССР. З польскага школьнага падручніка па геаграфіі і расказаў старэйшых мы ведалі, што Савецкі Саюз — вельмі вялікая і багатая на разнастайныя карысныя выкапні краіна, што ў ёй вельмі шмат лясоў, стэпаў, есць высокія горы, пустыні і тундра. Не маглі толькі нашыя людзі зразумець сістэму ўлады і гаспадаркі, якая там існавала. Таму ўсім было вельмі цікава ўбачыць людзей адтуль, пачуць словы жывых відавочнікаў, з першых вуснаў пачуць праўду аб жыцці ў Савецкім Саюзе. Асабліва ўсіх хвалявала пытанне, што будзе далей, што будзе з зямлей, ці будуць стварацца калгасы, як ставіцца Савецкая ўлада да тых, хто хацеў і надалей заставацца гаспадаром. Таму насельніцтва з асаблівай увагай распытвала вайскоўцаў, а таксама сваякоў і знаёмых з прыгранічных вёсак Тураўскага раёна, якія сталі з’яўляцца ў вёсцы, аб жыцці ў СССР. Усе яны гаварылі аб тым, што і ў нас будуць калгасы і раілі, што лепш будзе тым, хто будзе ў іх уступаць. Звычайна шэптам ці намёкамі наракалі аб лёсах тых, хто адкрыта не хацеў ісці ў калгас. Што быццам іх арыштоўвалі і адпраўлялі ў Сібір. Таму мой бацька, хаця і не лічыўся бедняком, меў добры надзел ворыва і сенакосу, адным з першых вясной 1940 г. падаў заяву ў калгас.
Праз некалькі дзён пасля прыходу бальшавікоў адбылося ўрачыстае адкрыццё пабудаванага за лета будынка новай, цяпер няпоўнай сярэдняй беларускамоўнай школы. Пры Польшчы мы не вучылі ні рускай, ні беларускай моваў, таму зноў пачалі хадзіць у школу, цяпер ужо беларускую, дзе вучыліся па савецкіх праграмах за адпаведныя класы. У 1939–1941 гг. я займалася па праграме 5–6-х класаў.
Цікава, што ў асноўным настаўнікі засталіся тыя ж самыя. Мы, вучні, душыліся ад смеху, калі пан Мазур вучыў нас рускай мове і геаграфіі, блытаючы польскія і рускія словы. Настаўнікам беларускай мовы стаў Уладзімір Сцяпанавіч (прозвішча запамятавала), да гэтага ён працаваў парабкам ў пана. Па адукацыі ён быў, відаць, настаўнікам рускай і беларускай моў, але пры Польшчы па спецыяльнасці працаваць не мог. Ён таксама нейкі прышлы, можа з усходнікаў, але адкуль дакладна — не ведаю. Памятаю, як хутка пабудавалі перад вайной ў вёсцы клуб. Для гэтага разабралі панскі дом, які стаяў на левым беразе Прыпяці і гаспадарчыя пабудовы. Клуб пабудавалі ў цэнтры вёскі. У ім была глядзельная зала са сцэнай і пакой, у якім месцілася вясковая бібліятэка. Самым цікавым быў паказ савецкіх кінафільмаў. На іх заўсёды прыходзіла столькі народу, што ў залі яблыку не было дзе ўпасці. Перад пачаткам фільма звычайна прамаўляў нехта з начальства ці лектар з раёна. Звычайна гаварылася аб міжнародным становішчы ці аб чарговых задачах партыі і ўрада. Асабліва ўважліва слухалі вяскоўцы выступленні, дзе тлумачылася палітыка дзяржавы па пытаннях маёмасці, зямлі, калгасаў. Тады задавалі шмат пытанняў. Іншым разам бывала, што асобныя выступоўцы даставалі газету, звычайна гэта была «Правда», і проста прачытвалі ўслых нейкі артыкул ці пастанову. Да наступнага паказу кінафільма змест старога быў галоўнай тэмай на вёсцы. Значных рэпрэсій у адносінах да насельніцтва вёскі з боку новай улады быццам бы не было. Арыштавалі толькі жонку пана Ота. Сам ён памёр на пачатку 1939 г. у г. Кракаве. Яе лес невядомы. Некалькі разоў пані прывозілі, каб паказала месца, дзе схаваныя каштоўнасці. Казалі, што памерла у турме. Арыштавалі і вывезлі некалькі чалавек, якія працавалі ў пана леснікамі. Усе яны, дзякуючы гэтаму, перажылі вайну. Наш сусед і муж маёй стрыечнай сястры, Акім Іосіфавіч Пінчук у 1943 г. уступіў у Армію Берлінга і вярнуўся з вайны афіцэрам, камандзірам роты. Ён быў узнагароджаны шэрагам польскіх і савецкіх ордэнаў і медаляў.
Калі пачалася вайна з Германіяй на фронт было заклікана шмат мужчын з вёскі, у тым ліку мой родны брат Ціт і муж маёй сястры Ганны Я. С. Клецун Абодва яны, светлай памяці, памяні божа іх душы, загінулі. Стрыечныя мае браты па маці і бацьку Ціт Пятровіч Дубейка і Пётр Андрэевіч Альгамец, дзякуй богу, вярнуліся жывымі. На пачатку ліпеня 1941 г. у вёску прыйшлі немцы. Перад гэтым былі баі каля вёскі Альшаны. Там загінула шмат савецкіх матросаў. Казалі, што некалькі дзён забітыя ляжалі не пахаванымі, без абутку і вопраткі. Каля нашай вёскі баёў не было, толькі з Прыпяці стралялі з кацераў маракі і снарады пераляталі над вёскай і ірваліся ў Альшанах і Давыд-Гарадку.
Нямецкая акупацыя. У пачатку ліпеня 1941 г. немцы захапілі вёску. Праз нейкі час каля клуба быў скліканы сход. Нямецкі афіцэр праз перакладчыка гаварыў аб тым, што немцы прыйшлі вызваляць нас ад бальшавікоў і што неабходна, каб усе выконвалі іх распараджэнні, а таксама распараджэнні мясцовага старасты, якога трэба абраць з ліку найбольш паважаных у вёсцы людзей. Была прапанавана кандыдатура Пятра Паўлавіча Ляшкевіча (па мянушцы Кедусь), за якую сход і прагаласаваў. Пра яго я не магу сказаць нічога кепскага. Ён імкнуўся быць добрым як для вяскоўцаў, так і для немцаў, а потым, калі з’явіліся партызаны, як гаварылі, і для партызан. Казалі, што праз нашага суседа Адама Сяргеевіча Цупіка (па мянушцы Корбут) ён падтрымліваў сувязі з партызанамі. П. П. Ляшкевіч заставаўся старастам да вызвалення. Пасля вызвалення быў асуджаны і вярнуўся назад толькі праз 10 год. У пачатку 1960-х гадоў ён памер.
Праз нейкі час немцы арыштавалі ўсіх вясковых актывістаў, у тым ліку і майго бацьку, бацьку і дзядзьку майго будучага мужа, і адвезлі іх у г. Столін. Іх аплаквала ўся вёска. Ведалі, што ў іншых вёсках актывістаў расстралялі. Але, на шчасце, іх у хуткім часе адпусцілі са Столінскай турмы. Магчыма, гэтаму паспрыяла тое, што сваякі арганізавалі збор подпісаў, ці, магчыма, тое, як гаварылі ў вёсцы, што перакладчык нямецкага афіцэра, які праводзіў сход у вёсцы, быў нейкім сваяком настаўніка нашай школы Мазура.
У першыя дні вайны была арганізавана мясцовая паліцыя, але як гэта адбывалася, мне цяжка казаць. Ведаю, што некалькі мужчын, сярод якіх былі і маладыя хлопцы, атрымалі вінтоўкі і хадзілі з імі па вёсцы. Асобныя пахваляліся перад моладдзю і стралялі па птушках і комінах. Як я памятаю, ніякай спецыяльнай формы-вопраткі яны не мелі. За старэйшага ў іх быў Іван Ляўкоўскі. Паліцаямі былі таксама два яго сыны Сцяпан (1920 г. н.) і Іван (1922 г. н.). Да вайны І. Ляўкоўскі працаваў кімсці ў пана Отто. Ён быў жанаты на жанчыне з нашай вёскі, а сам быў паходжаннем быццам бы са Століна, ці з Украіны.
У пачатку жніўня 1941 г. немцы загадалі мясцовым яўрэям, а іх у нашай вёсцы пражывала да вайны чатыры сям’і, з’явіцца ў клуб і ўзяць з сабой самае неабходнае. На другі дзень іх на падводах мясцовыя паліцаі павезлі ў Давыд-Гарадок. За вёскай Альшаны, ва ўрочышчы Хіноўск, мужчыны былі расстраляныя, а жанчыны і дзеці адпраўлены ў г. Столін. Там было створана гета, абнесенае калючым дротам. Столінскіх яўрэяў пакуль не расстрэльвалі. Іх ахоўвала паліцыя. Пазней, калі з’явіліся партызаны, то іх таксама расстралялі. Гаварылі, што быццам яны паднялі паўстанне. Аднак партызаны не паспелі.
Пасведчанне асобы Марыі Губко, 1916 г. н. (суседка маці)
У гэтыя ж дні паліцаі расцягнулі па хатах і маёмасць ахвяр. Яны ж пазней дапамагалі немцам адпраўляць моладзь у Германію. Пасля вайны амаль усе яны былі арыштаваныя. Некалькі чалавек з іх пасля прыходу Чырвонай Арміі адразу забралі ў яе. Аднаму з іх на фронце адарвала нагу. Пасля вайны ён жыў ў вёсцы. Меў узнагароду.
І. Ляўкоўскі з сынамі больш не вярнуўся. Казалі, што быццам у пасляваенны час жыў недзе ў Аўстраліі. Калі мяне забіралі ў Германію, яны ўжо служылі ў Столінскай паліцыі. Дачку яго Валянціну (1928 г. н.) забілі партызаны ў 1943 г. падчас разгрому гарнізона ў Давыд-Гарадку.
Адпраўка ў Германію. У нашай вёсцы былі тры масавыя адпраўкі на прымусовую працу ў Германію. Першая — 5 кастрычніка 1942 г. Тады загадзя былі раздадзены абвесткі моладзі з улікам узросту і колькасці моладзі ў сем’ях. Быў прызначаны час на зборы і сказана, што патрэбна ўзяць з сабою. Першая група, больш за 30 чалавек, была адпраўлена ў г. Столін. Затым, праз некалькі дзён, была адпраўлена другая група, якая была яшчэ большай за першую. У першай групе быў вывезены і мой будучы муж — Міхаіл Іванавіч Літвін, 1925 г. н., а ў другой — мая сястра Аксана Адамаўна. У другой групе было вывезена таксама некалькі сталых мужчын — мясцовых актывістаў, якія да гэтага хаваліся. У тым ліку і Павел Цімафеевіч Літвін з сынам Аляксем (1923 г. н.), Аляксей Паўлавіч Андрайчук, Іван Яўсеевіч Жогаль, Канстанцін Пятровіч Карнейчук (першы старшыня калгаса) і інш. Як казалі, стараста сам папрасіў іх ехаць, бо ведаў пра тое, што немцы могуць у любы час іх арыштаваць і расстраляць.
Трэці масавы вываз адбыўся ў красавіку 1943 г., на трэці дзень Пасхі. З раніцы вёска была ачэплена немцамі і паліцэйскімі. Усіх маладых людзей сагналі ў цэнтр вёскі ў клуб. Тут немцы ўдакладнілі па спісе імёны затрыманых і пад страхам смерці загадалі з’явіцца ўсім, хто быў у ім, але каго не было на месцы. За неяўку пагражалі расстрэлам бацькоў і сваякоў. Ад адпраўкі вызваляліся толькі сямейныя пары і паліцаі.
Я са сваёй пляменніцай Аленай (1927 г. н.), дачкой Ціта, схавалася ў гумне ў сене. Мой бацька, ведаючы што немцы ходзяць па паветках і металічнымі прутамі праколваюць сена, са слязамі стаў прасіць нас вылезці з тайніка. Стараста паабяцаў бацьку, што ён будзе прасіць у Століне, каб мяне адпусцілі, таму што я адна ў бацькі, і што Аксану ўжо забралі раней, і што яму аднаму не справіцца на гаспадарцы. Мая матуля Марта Іванаўна раптоўна памерла 12 лютага 1943 г. Яна аплаквала загінуўшага сына, вельмі перажывала за Аксану, і яе сэрца не вытрымала. Аднак гэта не дапамагло. Забралі не только мяне, але і пляменніцу Алену, а таксама шмат іншых маладых людзей. На падводах нас прывезлі ў г. Столін і змясцілі ў перасыльным лагеры ў памяшканні былой школы. Тут нас аглядалі ўрачы. Камісоўвалі толькі хворых на туберкулёз. Вельмі здзівілася, калі сярод ахоўнікаў сустрэла свайго былога настаўніка пана Мазура. Ён супакойваў мяне, а таксама бацьку, які два дні разам з іншымі чакаў за калючым дротам, пакуль нас павязуць далей. Мазур супаковаў сваіх былых вучняў, казаў, што ў Германіі нам будзе лепей чым тут. Праз некалькі дзён нас пад канвоем паліцэйскіх павялі на станцыю Гарынь. Там ужо знаходзілася вялікая колькасць моладзі з усяго раёна. Праз некалькі дзён нас пагрузілі ў таварныя вагоны і павезлі ў Нямеччыну. Не ведаю, ці прасіў стараста немцаў, ці не. Перад адпраўкай у цягнік, каля калючага дроту, я ўбачыла маю сястру Ганну, якая пешшу прыйшла за 60 км на станцыю, яна прынесла нам свежых коржыкаў. Бацька, таксама быў побач. Яго нельга было пазнаць. За гэтыя дні ён аброс, неяк раптам на шмат гадоў пастарэў, выціраў хусцінкай слёзы і махаў ёю на развітанне…
Са станцыі Гарынь нас у цяплушках прывезлі ў Беласток, дзе мы зноў некалькі дзён былі за калючым дротам і праходзілі санапрацоўку.
З першага набору некалькі маладых людзей з нашай вёскі, у тым ліку наша суседка Алена Васільеўна Шпакевіч (тады Негнедовіч) (1923 г. н.), Алена Пытэль (1918 г. н.), Наталля Рэзановіч (Третьякевіч) (1923 г. н.), некалькі чалавек з Альшан збеглі з лагера ў г. Брэсце і, пасля працяглых мытарстваў, у розны час з’явіліся дома. Альшанскіх немцы і паліцаі схапілі і расстралялі разам з сем’ямі. Алена Шпакевіч разам з адной дзяўчынай з Альшан прайшла больш 300 км без ежы і грошай, жывучы на тым, што дадуць добрыя людзі. Дома заставацца было небяспечна. Некалькі дзён хавалася за Прыпяццю ў сваякоў ў Запроссі. Потым ёй перадалі, што будзе расстраляна яе мама. Яна вярнулася і была вывезена з другім этапам на захад Германіі на мяжу з Францыяй.
З Беластока нас зноў ў цяплушках павезлі праз Польшчу ў Германію. У вагоне не было ні скамеек, ні нават саломы. Ехалі сутак 5–7. За ўвесь час не давалі ні ежы, ні нават вады. Самае жудаснае было тое, што ў вагоне не было прыбіральні, а тут знаходзілася больш 50 маладых дзяўчат і хлопцаў ва ўзросце 17–20 год.
Па дарозе асобныя вагоны, у якіх была моладзь з нашай вёскі, адчэплівалі. У Гдыні адчапілі вагон, у якім ехаў мой сусед Пётр Канстанцінавіч Шпакевіч (снежань 1926 г. н.). Мы з ім вучыліся ў адным класе. Потым Пятра вызваліла Чырвоная Армія і ён добраахвотнікам пайшоў на фронт. У адным з баёў быў паранены, згубіў адно вока. Пасля вайны ажаніўся з Аленай Негнедовіч. Яны выгадавалі пяцёра дзяцей.
Наш вагон адчапілі ў г. Магдэбургу. Адсюль нас адвезлі ў раённы цэнтр Стэндаль. Тут нас разбіралі так званыя купцы. Нам з Аленай пашанцавала. Нас разам з яшчэ двума дзяўчынамі з нашай вёскі ўзяў адзін бауэр-гаспадар. Его звалі гер Паппе. Гэта быў хударлявы стары гадоў за 70. Яго жонку — грузную, флегматычную старую — мы практычна не бачылі. Яна увесь час знаходзілася ў доме. Казалі, што іх сын жыве ў г. Магдэбургу. Гаспадар прывез нас у вёску Бітткаў на беразе Эльбы, недалёка ад г. Магдэбурга. Усяго на яго гаспадарцы працавала 14 усходніх рабочых: 10 дзяўчын і 4 мужчыны. Усіх нас заставілі насіць латку з надпісам «OST». За гэтым пільна сачыў мясцовы паліцэйскі. Мы выконвалі розныя сельскагаспадарчыя работы: капалі, сеялі, высажывалі гародніну, рабілі праполку, убіралі ўраджай. Восенню і зімой працавалі на складах і ў амбарах. На тыдзень кожнаму выдавалі адну буханку хлеба, крыху маргарына і крупы. Жылі мы ў гаспадарчым памяшканні — былым хлеве. Там стаяла пліта. Раніцай мы рыхтавалі гарбату, а ў вечары — вячэру. Абед у поле нам прывозілі. Яго мы рыхтавалі па чарзе з прадуктаў, якія нам выдзяляліся на тыдзень. З намі працавалі маладыя людзі з Украіны і Расіі. Мы дапамагалі адзін аднаму, адчувалі сябе, як родныя. Побач з намі працавалі нямецкія моладзь і старыя. Необходна адзначыць, што многія з іх адносіліся да нас са спачуваннем. Іх вельмі цікавіла жыццё ў СССР. Кідалася ў вочы тое, што нямецкія рабочыя харчаваліся не намнога лепей за нас. У іх існавала картачная сістэма, ўсё было строга нарміравана. Нямецкія дзяўчаты, якія працавалі разам з намі, цікавіліся нашай вопраткай, якая ўся была з саматканага льну, мацалі яе рукамі і хвалілі. У іх такой не было. Часта яны прыносілі нам свае старыя рэчы з вопраткі. Маладыя дзяўчаты пыталі ў мяне: «Марыя, ты піянерка? І прасілі расказаць ім пра савецкіх піянераў і камсамольцаў. Ім гэта было вельмі цікава і адчувалася, што яны ўжо чулі аб арганізацыях савецкай моладзі. Я не паспела быць ні піянеркай, ні камсамолкай і таму гаварыла аб тым што чула аб гэтым ад іншых. Калі гаварыць аб уражаннях ад Германіі, дык яны былі вельмі значнымі. Асабліва ўражвала іх гаспадарка, тое як яны адносяцца да працы, як усе ў адзін час ядуць, адыходзяць да сну. Уражвала сельскагаспадарчая тэхніка. У нашай весцы да вайны ўсё на полі рабілася ўручную. Я з дзяцінства навучылася рабіць усе жаночыя справы. Церабіць лён, прасці, ткаць, адбельваць тканіну, вязаць і шыць. Нямецкія жанчыны ужо тады, як зараз нашая моладзь, ужо не ведалі хатняга ткацкага станка. Мы былі значна больш набліжаныя да натуральнай гаспадаркі.
Памятаецца такі выпадак. Праз нейкі час мы арганізавалі пральню свайго адзення, адбельвалі яго з попелам, а затым, як гэта было заведзена ў нас, панеслі паласкаць ў Эльбу, якая працякала ў некалі десятках метраў ад нашага жытла. Трэба было бачыць, як ляцеў да нас з палкаю стары гер Паппе, як ён лаяўся і азіраўся па баках. Мы нічога не маглі зразумець. Аказваецца, ён баяўся што нехта ўбачыць, што мы арганізавалі пральню на рацэ. У іх з экалогіяй ужо тады было вельмі строга. З лаянкай ён прывёў нас ў наш хлеў-інтэрнат і паказаў месца, дзе трэба праць. Тады я ўпершыню даведалася, што ёсць пральныя машыны, што існуе закрытая каналізацыя.
Арышт і штраф — лагер. У пачатку снежня 1944 г. мяне, маю пляменніцу, а таксама Надзею Жогаль і паляка Уладыслава Скатоўскага і ўкраінца Андрэя арыштавала паліцыя і адвезла ў г. Брауншвейг у турму Галендорф. Прычынай арышту было тое, што паліцаі знайшлі ў нашым пакоі пулувер і шкарпэткі, якія мы ўпотай звязалі з мяшкоў з-пад мукі, якія нам прыносіў У. Скатоўскі. Ен працаваў у пякарні. Мы іх патаемна мылі, высушвалі, а потым разбіралі на ніткі і ў свабодны час вязалі шкарпэткі, якімі дзяліліся са знаёмымі остарбайтарамі і ваеннапалоннымі. Адну такую кашулю і шкарпэткі я паслала сваёй сястры Аксане, якая была ў горшых, чым я ўмовах. Яна працавала на прадпрыемстве і жыла за калючым дротам у лагеры. Як потым высветлілася, Уладыслава выдаў адзін бельгіец, які працаваў з ім разам і данёс гаспадару пякарні. Той заявіў у паліцыю. Паліцэйскі падчас вобыску знайшоў ў нас клубок з ніткамі. Наш гаспадар прасіў яго не накіроўваць нас у лагер, а пакараць на месцы, аднак ён не паслухаў. Біткаў — невялікая вёска і паліцай добра ведаў усіх людзей, а таксама остарбайтараў. Ён злаваў на нас, што мы адмаўляліся насіць знак «OST». Жонка нашага перакладчыка, полька, лічыла што мы — палякі і параіла нам зрабіць запыт у Берлін. Яна і прадыктавала пісьмо, якое я старанна напісала. Праз некаторы час прыйшоў адказ, дзе было сказана, што знак «OST» мы павінны былі насіць.
Другой прычынай было, відаць, тое, што мы адкрыта радаваліся таму, што Чырвоная Армія ўжо вызваліла Беларусь, вызваляе Польшчу, і не хавалі радасці, калі бачылі, што амерыканскія самалеты ляцяць бамбіць г. Магдэбург. Асабліва адкрыта гэтую радасць паказвалі русскія дзяўчаты, яны былі больш смелымі. Убачыўшы паліцая, яны пачыналі пець рускія песні, альбо пачыналі лаяцца па-руску. Мы заўседы адчувалі, што стары паліцай меў на нас зуб.
Нам было дадзена пакаранне тры месяцы турмы ў лагеры Галендорф. Умовы ў лагеры былі непараўнальнымі з жыццём ў гаспадара. Я да сённяшняга дня плачу, калі гляджу кінафільмы аб нямецкіх канцэнтрацыйных лагерах. Усе гэта было і ў Галендорфе. Асабліва было цяжка перанесці пастаянныя пастраенні на двары пры любым надвор’і, пераклічкі раніцай і вечарам. Мой нумер ў лагеры быў 11123. Надзірацельніцы (вахманкі), у асноўным «рускія», былі і немкі, збівалі гумай за любую зачэпку. Жылі мы ў бараках, дзе знаходзілася некалькі тысяч чалавек. На працу вадзілі ў складзе працоўных калон. Кармілі баландай з бруквы, рэпы, астаткаў гнілой капусты. За тры месяцы нас нельга было пазнаць. Было вялікім шчасцем, калі падчас працы ўдавалася знайсці што-небудзь з таго, што можна было з’есці: брукву, сырую бульбіну ці бурак. Людзі паміралі, як мухі. Я ніколі не спадзявалася, што дажыву да канца тэрміна. Асабліва кепска пераносілі ўмовы лагера хлопцы, што працавалі ў пякарні. Магчыма таму, што да гэтага яны былі ў лепшых ўмовах, чым мы. Украінец Андрэй нам мяшкі не прыносіў. За што яго пасадзілі — не ведаю. Пасля булачнай ён не змог перанесці ўмоў лагеру і памёр ад знясілення. Быў амаль пры смерці і Уладыслаў. Пасля заканчэння тэрміну без нашай дапамогі ён не мог рухацца.
Калі скончыўся тэрмін зняволення, за намі прыехаў стары перакладчык Франц. Ён паляк, але многа гадоў жыў у Германіі. У будынак, дзе знаходзілася наша вопратка, папала амерыканская бомба. Асколкамі яна была пабіта на лахманы.
Калі мы вярнуліся ў Біткаў, вайна ўжо падыходзіла да канца. У хуткім часе нас вызвалілі амерыканскія салдаты. Яны вельмі добра да нас адносіліся. На тым баку Эльбы знаходзіліся савецкія войскі. Праз некалькі дзён мы выпадкова сустрэлі савецкіх афіцэраў, якія запісвалі ўсіх жадаючых вярнуцца на радзіму. Мы з Аленай адразу запісаліся.
Амерыканцы, а сярод іх было шмат тых, хто разумеў польскую мову, спрабавалі адгаворваць нас вяртацца дахаты, палохалі Сібірам і савецкімі лагерамі. Але мы іх не слухалі. Асобныя жанчыны, якія павыходзілі замуж за палякаў ці амерыканцаў, засталіся. Я іх ніколі не асуджала і не зайздросціла ім. Кожны пражывае тое жыццё, якое яму наканавана богам. Надзея Жогаль гэтым часам разам са сваёй сяброўкай вырашыла ехаць да яе ў Польшчу. Аднак пазней яна таксама вярнулася на радзіму.
Праз нейкі час амерыканцы перадалі нас з Аленай прадстаўнікам савецкай місіі. Пры пераездзе праз Эльбу мы сустрэліся з нашай сваячкай Аленай Семеняк, з якой потым дабіраліся дахаты. Пад г. Берлінам яшчэ ішлі баі. Калі мы прыйшлі ў г. Берлін, там ужо былі савецкія войскі. Пэўны час мы знаходзіліся ў зборным лагеры на ўскраіне г. Берліна, дзе было шмат тысяч такіх, як мы, хто хацеў хутчэй дабрацца на радзіму. Тут было арганізавана харчаванне, але ў асноўным ежу дабывалі, дзе прыйдзецца. Больш старэйшыя дзяўчаты весяліліся, танцавалі з салдатамі. Шмат хто знайшоў сабе тут другую палавіну. Дзе пешшу, а дзе на папутных вайсковых машынах мы дабраліся спачатку да Познані, а потым да Варшавы. Па тэрыторыі Польшчы рухацца было лягчэй. Палякі да нас добра ставіліся, лічылі нас за сваіх. Нарэшце мы дабраліся да г. Брэста. Зноў на некалькі дзён апынуліся ў лагеры. Тут мы сталі на ўлік, каб атрымліваць гарачую ежу, нам патлумачылі, што трэба прайсці «рэгістрацыю», а потым нас адправяць дахаты. Парадку ў лагеры было мала. Чакаць адпраўкі можна было вельмі доўга, а кожны хацеў хутчэй дабрацца дадому. Таму шмат хто рухаўся далей без усялякай рэгістрацыі. На вакзале мы пазнаёміліся з адным салдатам, які ехаў пасля ранення ў адпачынак. З яго дапамогай мы на таварным вайсковым цягніку прыехалі ў Мікашэвічы. Вельмі хваляваліся што цягнік не супыніцца, таму увесь час ад Лунінца прасядзелі на платформе з пакункамі. Аднак нам зноў пашчасціла. Цягнік спыніўся на хвіліну, і мы хутка апынуліся на зямлі. Быў чэрвень 1945 г. Іншыя остарбайтары з нашай вёскі прыехалі значна пазней, у асноўным восенню 1945 г. Мая сястра Аксана разам з іншымі дзяўчатамі яе ўзросту пасля «фільтрацыі» была накіравана на камсамольскія будоўлі на Данбас, дзе працавала амаль год.
Усім грамадзянам СССР, якія трапілі ў фашысцкую акупацыю, пры вяртанні праз германскую мяжу трэба было прайсці праз праверачна-фільрацыйны пункты НКВД СССР, у тым ліку запоўніць анкету.
Мне пашчасціла і я, вярнуўшыся з Германіі летам 1945 г., застала бацьку жывым. Радасці яго не было межаў. Дома завіхалася незнаёмая жанчына гадоў 35–40, якая жыла у нашай хаце і дапамагала бацьку па гаспадарцы. Яна была з бежанцаў, недзе з-пад г. Мазыра. Іх жыллё спалілі немцы, а потым пагналі на захад. Бацька, нягледзячы на свае 60 год, быў вельмі моцны чалавек. Але на жаль адбылося жудаснае. На касавіцу ён, вельмі ахвотны да працы, стаміўшыся прылёг адпачыць на пракосе і застудзіў ныркі. Урачы не змаглі дапамагчы, і ў жніўні 1945 г. ён памёр.
У 1946 г. я выйшла замуж за Міхаіла Іванавіча Літвіна. Ён больш 20 год працаваў бакеншчыкам на Прыпяці, а затым у калгасе. Мы нарадзілі і выхавалі дваіх дачок і сына. Маем чатырох унукаў і дзевяць праўнукаў.
10 верасня 2001 г.
З успамінаў бацькі
Я, Міхаіл Іванавіч Літвін, нарадзіўся 11 сакавіка 1925 г. у вёсцы Семігосцічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Перад Другой сусветнай вайной у сям’і маіх бацькоў Івана Цімафеевіча (1895 г. н.) і Праскоўі Васільеўны (1896 г. н.) Літвіных было чацвёра дзяцей: я, мая сястра Алена (1920 г. н.), браты Васіль (1928 г. н.) і Сцяпан (1934 г. н.). З намі разам пражывалі дзядуля Цімафей Сямёнавіч (1869–1960) і бабуля Кацярына Васільеўна (1870–1950) Літвіны.
Мой бацька ў часы Першай сусветнай вайны служыў у Петраградзе ў 2-м Выбаргскім палку.
Расказваў, што ў 1916 г. ён ўступіў у партыю. Па яго словах, шмат разоў слухаў У. І. Леніна і іншых вядомых бальшавікоў. З мандатам бальшавіцкай партыі быў накіраваны на радзіму ўстанаўліваць Савецкую ўладу. Аднак наша вёска па ўмовам Рыжскага міру адышла да Польшчы. Палякі праследавалі тых, хто агітаваў за бальшавікоў. У нашым доме некалькі разоў праводзіліся вобыскі, а ў 1932 г. брат майго бацькі Павел Цімафеевіч Літвін (1900 г. н.) быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў турмы. Яго жонка Тэкля Калістратаўна з дзецьмі Аляксеем (1923 г. н.), дачкой Зоняй (1930 г. н.) і дзедавым братам Пятром жылі асобна.
Падчас вобыскаў кампраметуючая братоў літаратура была спалена ў печцы, а рэвалюцыйныя паперы майго бацькі былі перахаваныя кімсьці (магчыма, бабуляй) ў бэльцы. У ёй была прасвідравана дзірка, куда былі схаваныя ў ільняной хусцінцы паперы. Дзірку закрывала дошчачка з адтулінай пасярэдзіне, куды быў прыладкаваны металічны крук, на якім вісела калыска для дзяцей. Здарылася так, што пра хаванку забылі і лічылі, што дакументы згарэлі.
Знайшлася гэтая літаратура зусім выпадкова праз шмат гадоў. У 1980-я гады мой брат Сцяпан прадаў старую бацькаву хату на знос у суседнюю вёску Вялікае Малешава. Новы гаспадар праз нейкі час вырашыў збудаваць хлеў. Цесляры, выбіраючы для яго бярвенні, дасталі крук і знайшлі паперы. Паведамілі аб іх былому сакратару партыйнай арганізацыі калгаса Васілю Сцяпанавічу Вабішчэвічу (ён родам з нашай вескі). Той паведаміў у райкам. Пазней мне расказваў былы першы сакратар райкама Георгій Андрэевіч Маркоўскі, што гаспадар аставіў хусцінку з паперамі на шуле. Пасля абеду раптам пайшоў дождж. Пакуль апамяталіся, бумажкі прамоклі ў месіва. Ён застаў толькі абрыўкі словаў. Казалі, што сярод папер быў мандат, у якім гаварылася, што І. Ц. Літвін мае паўнамоцтвы па ўстанаўленні Савецкай улады, а таксама партыйны білет, дзе адзначалася, што ён член партыі з 1916 г. У 1960-я гады бацьку запрашалі разам з іншымі ветэранамі ў школу, дзе ён расказваў аб сустрэчы У. І. Леніна на Фінскім вакзале, аб іншых яго сустрэчах з вядомымі бальшавікамі. Памёр бацька раптоўна ад інфаркту вясной 1967 г.
Брат бацькі Павел Цімафеевіч Літвін (1900 г. н.) быў адукаваным на той час селянінам. Ён адзін з трох нашых вяскоўцаў, якія скончылі ў г. Тураве народнае вучылішча. Быў сябрам Кампартыі Заходняй Беларусі Па заданні хадзіў за мяжу ў г. Тураў. Аб ім я скажу крыху пазней. Яшчэ адзін брат бацькі Васіль Цімафеевіч жыў з сям’ёй таксама ў вёсцы і працаваў на сваёй гаспадарцы. Памёр у 1970-я гады.
Мой дзядуля Цімафей Сямёнавіч Літвін быў паважаны ў вёсцы чалавек. Ён, як і яго бацька, займаўся пчалярствам, меў борць на Мярлінскіх хутарах, быў добрым паляўнічым. У царскія часы ён займаў пэўны час пасаду валаснога старшыні ў Хорску. Аднак з-за свайго даверлівага характару і, як казалі, па малаграматнасці, быў уцягнуты ў нейкую справу, пасля чаго прыйшлося прадаць усю жывелу і значную частку зямлі. Пры польскім часе ён, у адрозненне ад сваіх сыноў, не мроіў аб будучым цудоўным жыцці пры сацыялізме, а выбіваўся з апошніх сіл, каб сабраць грошай і купіць больш зямлі. Памятаецца, што ў канцы 1930-х гадоў ён быў вельмі задаволены, калі купіў у пана частку вострава за Прыпяццю і хацеў прадаць апошнюю карову, каб прыкупіць яшчэ. Але пан Отта, адгаварыў яго: «Пане Цімафею, паслухай мяне, астаў лепей карову ўнукам, каб не папухлі з голаду, потым будзеш дзякаваць мяне».
Як казаў пазней дзед, пан Вітоль Отто, відаць, адчуваў, што будзе вайна і таму распрадаваў зямлю. У пачатку 1939 г. ён паехаў на лячэнне ў Лодзь і там, пасля аперацыі, памёр на курорце ў Закапане. Казалі, што яго маці была полька, а бацька — немец. Жонку звалі Шура, яна была руская. У 1939 г. яе арыштавалі супрацоўнікі НКВД, потым некалькі разоў прывозілі і капалі на агародзе і пад дубамі, шукалі золата. Па вёсцы гаварылі, што быццам знайшлі золата. Панскі дом стаяў на левым беразе Прыпяці. Далей на поўнач, прыкладна кіламетр, знаходзіцца возера Глыбокае (Глыбокая) — былая старыца Прыпяці. Шмат стагоддзяў назад Прыпяць мяняла свой шлях, пракладаючы новы. Крыху ніжэй возера злучаецца з ракой, а прыкладна з кіламетры два на захад, ці ўверх па цячэнні, знаходзіцца возера Старуха і шэрах іншых возераў — былых старыц. Падчас вясновых разліваў яны ўтвараюць суцэльнае мора. У 1930-я гады пан пракапаў канал ад свайго дома да возера Глыбокае, каб было хутчэй вазіць рыбу на станцыю Мікашэвічы, атрымаўся вялікі штучны востраў.
Пан быў вельмі ахвочы да працы. Меў шмат зямлі. Усе лепшыя палі, а таксама большасць лесу з азёрамі належалі яму. Не хадзіў, а ўвесь час перасоўваўся прыбегам. У абедзены перапынак глядзіць на гадзіннік, каб лішнюю мінуту работнікі не перасядзелі. Выкапаў сажалкі каля ракі, куды запускалі вялізую рыбу. Пан, акрамя іншага, займаўся рыбнай лоўляй. Ён меў спецыяльныя лядоўні, куды ўзімку нарыхтоўвалі ў возеры лёд і засыпалі яго кастрыцай і пілаваннем. Рыбу абкладвалі лёдам, і яна колькі дзён захоўвалася ў лядоўні, а затым яе, абкладзеную лёдам, у спецыяльных скрынях везлі на станцыю ў Мікашэвічы і далей у Варшаву, дзе прадавалі ў спецыяльных гуртоўнях (магазінах) і рэстаранах. Калі быў добры ўлоў, дык яе, пасартыраваўшы і абклаўшы лёдам, адразу везлі ў спецыяльных скрынях на чыгуначную станцыю. Лоўляй рыбы займалася спецыяльная брыгада з нашых мясцовых сялян, якая лавіла яе ў Прыпяці і азёрах, якія належалі пану Отта. У г. Варшаву адвозілі толькі таварную рыбу: шчупакоў, судакоў, сазаноў, язёў, буйнога окуня, ліня, беларыбіцу і інш. Розную мелкату — платву і іншых рыб, лавілі толькі для панскіх свіней і асабістага ўжытку рыбакоў.
Да вайны я скончыў пяць класаў польскай, а затым яшчэ паўтары гады вучыўся ў савецкай беларускай школе. Я з сямі гадоў пасвіў скаціну, таму часта даводзілася прапускаць заняткі. Вучыцца прыходзілася ў асноўным у зімовы час. Заняткі праходзілі ў сялянскай хаце. У адным пакоі адначасова займаліся два класы. Польскую школу і польскія парадкі не любіў з малых гадоў. Не лепшым чынам складваліся ў мяне адносіны і з бацюшкам, які выкладаў у школе Закон Божы.
Сустрэча з Чырвонай Арміяй. 1 верасня 1939 г. немцы раптам напалі на Польшчу. Пачалася вайна. Па мабілізацыі палякі сабіралі ў войска мужчын прызыўнога ўзросту. Тады быў забраны на фронт муж маёй цёткі Алены Цімафееўны Пашкевіч Іван. Гаварылі, што быццам бы ён быў у нямецкім палоне, а затым працаваў недзе ў Германіі. Пасля заканчэння вайны апынуўся ў Аўстраліі. Было некалькі пісем ад яго, аднак дадому ён больш не вярнуўся. Відаць ў 1970-я гады ён памёр. Цётка Алена Цімафееўна жыла у нашай вёсцы. На жаль, яна памерла пасля аперацыі апендыцыту, праз колькі гадоў памёр і іх сын Сцяпан (1937 г. н.). Яму было толькі 57 гадоў.
17 верасня 1939 г. я пас статак за ракой на востраве, які быў утвораны новым руслам ракі. Тут дед з бацькам выкупілі ў пана ладны кавалак зямлі — дубовыя грады, зараслі хмызняку, лазы, арэшніку, асінніку, вольхі, які потым называўся — ліцвінава. Вясной амаль увесь ён, за выключэннем асобных грывак, заліваўся павадкай. Аднак летам і восенню ў старыцы і шматлікіх азёрах-ямах на востраве было вельмі шмат рыбы, якая заставалася тут пасля разліву Прыпяці. Акрамя гэтага тут выводзілася мноства дзікіх качак і вадзяных курэй-лысух.
У статку тады была адна карова, чатыры цяляці і свіння з парасятамі. Звычайна жывёла знаходзілася на востраве да маразоў. Харчоў тут было ўдосталь для ўсіх. К восені, пасля вясенняга разліву, высыхалі шматлікія балоцістыя лагчыны, якія кішэлі рыбай. Асабліва было шмат сягалеткаў шчупакоў, чырвонага карася, лінёў, акунёў, якімі удосталь ласаваліся парсюкі. Калі ямкі зусім перасыхалі, дык у балотным іле ўсё кішэла ад уюноў. Потым пачынаўся сезон жалудоў, якіх штогод было вельмі шмат. Знаходзячыся каля статку я збіраў з бацькамі да 3–4 тон жалудоў, якімі ўзімку кармілі свіней. Начавалі мы ў спецыяльным шалашы, што па-мясцоваму называўся курэнь. Побач быў змайстраваны загон для скаціны з навесам, а таксама сплецены з вербалозу хляўчук для свіней. І карова з цялятамі, і свіння з парасятамі самі прыходзілі на нач. Здараліся і прыгоды. Аднойчы да нашай свінаматкі заляцаўся дзікі вепрук, а праз пэўны час яна прынесла 13 парасят, сярод якіх двое былі белыя (свінкі), а астатнія 11 — паласатыя шнурочкі. Зімой, калі ўжо стала рака, мы па першым лёдзе вярталіся ў вёску. Трэба бачыць гэтую працэсію!..
Але вернемся да 17 верасня 1939 г. Дзесьці ў 5 ці 6 гадзін раніцы, калі яшчэ было цёмна, я прачнуўся ад таго, што на Прыпяці бурчыць матор. Падышоў да берага і стаў прыслухоўвацца. Я думаў, што можа гэта польскія пагранічнікі. З імі сустракацца асабліва не хацелася. Схаваўшыся за куст, пачаў назіраць. Уразіла тое, што раз-пораз чуваць было лаянку па-руску, прычым такія словы, якіх раней чуць не прыходзілася. Трэба сказаць, што ў нашай сям’і не брыдкасловілі, як дарэчы і ўвогуле ў вёсцы. Шырокае распаўсюджванне брыдкаслоўе атрымала ў 1950–70-я гады.
Калі развіднела, то аказалася, што гэта савецкая самаходная баржа, якая засела на мель. Я ніяк не мог уцяміць, як яна тут апынулася. Матросы заўважылі мяне і паклікалі да іх. Я сеў у човен і пад’ехаў да баржы. Падняўшыся на палубу, я яшчэ раз павітаўся з матросамі. Яны распытвалі мяне па-руску, хто я такі і што тут раблю. Я адказаў, што пасу скаціну.
— Чыю?
— Сваю.
— А колькі яе ў цябе?
— Пяць.
— Ты што памешчыцкі сын ці кулак?
Я не ведаў тады яшчэ гэтага слова і адказаў:
— Не, мы мясцовыя сяляне.
Матросы паведамілі, што астатнія караблі савецкай флатыліі ўпотай прайшлі крыху раней і падаліся ў бок г. Пінска, што Чырвоная Армія пайшла вызваляць нас ад польскіх паноў. Я вярнуўся ў свой будан і прынес ім вядро парнога малака. Яны аддзякавалі мяне булкамі белага і чорнага хлеба. Куплены хлеб мне да гэтага есці не прыходзілася, ён мне вельмі спадабаўся. Праз нейкі час на баржы з’явілася яшчэ некалькі вясковых хлапчукоў, якія прыйшлі з вудамі лавіць рыбу, і яшчэ не ведалі, што Чырвоная Армія перайшла мяжу. Матросы падрабязна распытвалі нас пра жыццё ў вёсцы, аб нашых бацьках, аб тым, як мы жывем, пра панскі прыгнёт, спявалі невядомыя нам песні. Калі селі курыць, то пачаставалі мяне цыгарэтай. Мне гэта тады асабліва спадабалася, бо я з сямі гадоў пас скаціну і цішком прызвычаіўся курыць тытунь, які употай вырошчвалі сяляне па загуменнях. Хлапчукі былі ў новых лапцях, палатняных штанах і кашулях, падпаясаных скуранымі паскамі. Апошняе здзівіла матросаў, яны лічылі гэта раскошай. Кідалася ў вочы, што іх вопратка і амуніцыя значна адрознівалася ад польскіх марынажаў. Баржу знялі з мелі толькі ў поўдзень і яна разам з буксірным цеплаходам, што яе вызваліў, пашыбавала ўверх па рацэ ў бок г. Пінска.
Заняткі ў савецкай школе. Праз нейкі час пачаліся заняткі ўжо ў савецкай школе. Мы прыйшлі ў пабудаваную за лета новую драўляную школу, якая павінна была быць адкрыта палякамі, але ж адкрылася ўжо новай уладай як Семігосціцкая няпоўная сярэдняя школа. Выкладанне ў ёй вялося на беларускай мове. Мы пачалі вучыць таксама рускую і нямецкую. Кожны клас атрымаў асобны пакой. Цікава, што амаль усе былыя настаўнікі працягвалі працаваць.
Стварэнне калгаса. У канцы 1939 ці напачатку 1940 г. вярнуліся з польскай турмы мой дзядзька Павел Цімафеевіч Літвін, Сцяпан Еўстафіявіч Арлянін і Пётр Дубейка, якія былі асуджаны польскімі ўладамі ў пачатку 1930-х гадоў за антыпольскую працу. Дзядзька спачатку сядзеў у знакамітай Бярозе-Картузскай, а затым у турме г. Ловіча за Варшавай. Здарылася так, што пасля польскай турмы ён апынуўся ў савецкай, бо кампартыю Заходняй Беларусі, сябрам якой ён быў, распусцілі. Аднак пры разглядзе яго справы ў г. Гомелі знайшлі паперы аб яго сувязях, ці нават справу разглядаў той чалавек, з якім ён быў звязаны. Павел Цімафеевіч адразу актыўна ўключыўся ў новае жыццё. Працаваў часова старшынёй гарвыканкама ў Давыд-Гарадку, а затым старшынёй Альшанскага Сельскага савета. С. Е. Арлянін быў брыгадзірам у калгасе. П. Дубейка вярнуўся з турмы зусім хворым і хутка памёр, яшчэ да прыходу немцаў. Вясной 1940 г. пачалі ствараць у вёсцы калгас. Наша сям’я запісалася ў ліку першых. Калгас назвалі «17 Партз’езд». Першым старшынёй абралі Івана Канстанцінавіча Жогаля. Аднак ён пратрымаўся нядоўга. На пачатку лета вяскоўцы пачалі пісаць заявы аб выхадзе з калгасу. Такіх знайшлося больш 50 гаспадарак. У вёску прыехала камісія для разбору справы. І. К. Жогаля знялі з пасады і арыштавалі. Новым старшынёй абралі Канстанціна Пятровіча Карняйчука (па-мянушцы Ківа Мінін). Аднак і ён пратрымаўся нядоўга. Гаварылі што яго, як былога кіраўніка абшчыны баптыстаў западозрылі ў напісанні ананімнай антысавецкай лістоўкі. Па справе выхаду з калгасу былі арыштаваныя і асуджаныя да розных тэрмінаў пакарання: Фёдар Мацвеевіч Жогаль (1892 г. н.) (14.06.1941 г. — 8 год ППР); Аляксей Паўлавіч Ляшкевіч (па-мянушцы Карась). Ён нарадзіўся ў 1898 г. у в. Рубель, некалькі сямей з якой (Ляшкевічы, Рэзановічы, Вабішчэвічы, Бруцкія) на пачатку стагоддзя купілі ў пана зямлю і пасяліліся на ўскрайку вёскі. Іх так і звалі «рубельцамі». Яны нават свае могілкі стварылі, дзе пахаванні адбываліся да пачатку 1960-х гадоў. На гэтых могілках былі таксама пахаванні (склепы) панскай сям’і Брадоўскіх. Надпісы былі зроблены на польскай мове.
А. П. Ляшкевіч быў асуджаны 10.02.1941 г. на 8 год ППР. На такі ж тэрмін быў асуджаны і Андрэй Іванавіч Ляўкоўскі (1902 г. н.), які быў родам з Валыні. Ён быў жанаты на сястры Архіпа Багана, працаваў у пана і бакеншчыкам. Яшчэ раней, у 1940 г., некалькі чалавек, якія працавалі леснікамі ў пана, арыштавалі і вывезлі ў Расію. Памятаю, што Адам Андрэевіч Карняйчук (1899 г. н.) быў вывезены ў Валагодскую вобласць. Таксама былі вывезены Сцяпан Аляксеевіч Рэзановіч (1910 г. н.) і Іван Яворскі.
Потым моладзь прызыўнога ўзросту пачалі прызываць у Чырвоную Армію. Казалі, што на фінскую вайну пайшоў наш сусед, сын старога Герчыка Аврамель, а ў фабзайцы (школу ФЗО) у г. Ленінград забралі яго брата Шэпшэля, а таксама Пятра Андрайчука і Аляксея Цупіка. Яны перажылі блакаду. З чатырох яўрэйскіх сем’яў нашай вёскі Шэпшэль адзін застаўся ў жывых. Астатнія былі знішчаны фашыстамі.
Пачатак вайны. Калі пачалася вайна, была аб’яўлена мабілізацыя прызыўных узростаў. Атрымаўшыя павесткі на фурманках пад галашэнне жанчын паехалі на прызыўны пункт у Давыд-Гарадок. Там іх пагалілі і адправілі на зборныя пункты. Па-рознаму склаліся іх лёсы. Многія нават не паспелі атрымаць зброю і апынуліся ў палоне. Асобныя збеглі і прыйшлі дадому.
Перад прыходам немцаў былі баі каля вёскі Альшаны. Там загінула шмат савецкіх матросаў з Пінскай рачной флатыліі.
Нямецкая акупацыя. У пачатку ліпеня 1941 г. немцы захапілі вёску. Праз нейкі час каля мясцовага клуба быў скліканы сход. Нямецкі афіцэр праз перакладчыка гаварыў аб тым, што немцы прыйшлі вызваляць нас ад бальшавікоў і што неабходна каб усе выконвалі іх распараджэнні, а таксама распараджэнні мясцовага старасты, якога трэба абраць з ліку найбольш паважаных у вёсцы людзей. Была прапанавана кандыдатура Пятра Паўлавіча Ляшкевіча. Яму на той час было гадоў 45–50. У сям’і было тры дачкі і сын. Ён адмаўляўся, аднак сход за яго станоўча прагаласаваў.
Праз нейкі час немцы арыштавалі ўсіх вясковых актывістаў, у тым ліку і майго бацьку, а такма дзядзьку Паўла. Іх аплаквала ўся вёска. Ведалі, што ў іншых месцах актывісты былі расстраляныя. Але, на шчасце, іх у хуткім часе адпусцілі. Магчыма гэтаму паспрыяла тое, што сваякі арганізавалі збор подпісаў, ці, магчыма тое, як гаварылі ў вёсцы, што перакладчык нямецкага афіцэра, які праводзіў сход у вёсцы, быў нейкім сваяком настаўніка нашай школы Мазура.
Вясковая паліцыя. У першыя дні вайны была арганізавана мясцовая паліцыя. Некалькі мужчын, сярод якіх былі і маладыя хлопцы, атрымалі вінтоўкі і хадзілі з імі па вёсцы. Асобныя пахваляліся перад моладдзю і стралялі па птушках і комінах. Ніякай спецыяльнай формы-вопраткі яны не мелі. За старэйшага ў іх быў Андрэй Іванавіч Ляўкоўскі. Ён, як я раней казаў, органамі НКУС быў арыштаваны і асуджаны. Аднак з пачаткам вайны з’явіўся ў вёсцы. Ён быў не мясцовы. Працаваў у пана рыбаком і бакеншчыкам. Жанаты быў на Таццяне, сястры Архіпа Рыгоравіча Багана. У Столінскай кнізе «Памяць» напісана, што яму далі 8 гадоў і ў 1989 г. ён быў рэабілітаваны. Відаць тут нешта недаглядзелі. Ляўкоўскі з сынамі Сцяпанам (1920 г. н.) і Іванам (1922 г. н.) быў у паліцыі ўсю вайну. Калі мяне забіралі ў Германію, Ляўкоўскія ўжо служылі ў Столінскай ці Давыд-Гарадоцкай паліцыі. Дачку яго Валянціну (1928 г. н.) забілі партызаны ў 1943 г. падчас разгрому гарнізона ў Давыд-Гарадку. Затым Ляўкоўскі з’ехаў ў Германію, а потым гаварылі, што пасля вайны жыў недзе ў Аўстраліі.
Аб лёсе вясковых яўрэяў. Да вайны ў нашай вёсцы пражывалі чатыры яўрэйскія сям’і, а з прыходам немцаў засталося толькі дзве, а яшчэ дзве сям’і напярэдадні выехалі ў Мікашэвічы.
Побач з намі, праз плот, жыла сям’я старога Літмана па прозвішчы Герчык. Ён быў прыкладна 55–60 гадовага ўзросту, працаваў сапожнікам, а яго сыны займаліся сталярнай і плотніцкай справай. Жонку звалі Рохля. Яна была прыкладна яго веку. Займалася хатняй гаспадаркай. Трымалі карову. Свіней не трымалі. Маліліся ў спецыяльнай прыбудове да хаты (Кучкі). На вяселлі запрашалі толькі вясковых яўрэяў. Калі на святы запальвалі свечкі, дык самі не тушылі, прасілі суседзяў.
Яны мелі пяцёра дзяцей: чатырох сыноў і дачку. Старэйшым быў Ісэр. Ён у 1930-х гадах ажаніўся і кудысьці з’ехаў. Ісэр быў здольным майстрам, рабіў вельмі добрую сталярку. Другім сынам быў Аўрэмель. У 1940 г. яго прызвалі на Фінскую вайну. Лёс яго невядомы. Трэці сын Шэпшэль (1920 г. н.), як я ужо казаў раней, быў забраны ў школу ФЗО ў г. Ленінград. Ён адзін з гэтай сям’і застаўся пасля вайны жывым. Прыязджаў у канцы 1945 г. у вёску «шкуру замяніць», бо ён быў у савецкай вайсковай форме. Хацеў замяніць вайсковае адзенне. Спадзяваўся знайсці каго-небудзь з родных, ці што-небудзь з іх рэчаў. Дзве ночы начаваў. Адну — у нас, другую — у Івана Восіпавіча Багана. З’ехаў, і мы больш нічога аб ім не чулі. Магчыма, дзе яшчэ і жыве. Хаім быў маім равеснікам, і мы вучыліся ў адным класе. Дачка Машка ў 1937 г. вышла замуж у Давыд-Гарадок. У яе было малое дзіця. У іх жыла яшча адна жанчына-інвалід маленькага росту. Яе, калі іх везлі на расстрэл, вялі пад рукі.
Другая яўрэйская сям’я — каваля Міхеля Фельдмана (прыкладна 55–65 год), сваяка Літмана. Яго жонку звалі Хайка. У іх былі дзеці. Сын Іцко (1916 г. н.) быў вельмі дужы, як і бацька працаваў кузняцом. Падчас арышту сын лёгка мог збегчы. Аднак яго бацька Міхель, вельмі веруючы яўрэй, не адпусціў, сказаўшы: «Прыйшоў наш час памерці!». Дачок звалі Фейга (яна была партніха) і Люба (выйшла замуж і жыла ў Давыд-Гарадку). У Міхеля быў унук Шмуйла Кацман (1929 г. н.). Ён хадзіў у школу разам з Міхаілам Васільевічам Баганам (1932 г. н.).
Праз вуліцу ў доме майго дзядзькі Васіля Альгамца пражывала сям’я Хавы, прозвішча не памятаю. У яе былі сыны Шлема і Гершен, дачка і зяць Зэлік. Шлема (у 1940 г. арганізоўваў калгас, працаваў загадчыкам склада, потым быў за нешта асуджаны). У 1940–1941 гг. яны пераехалі ў Мікашэвічы. І там, відаць, загінулі, таму што аб іх не было нічога чуваць.
У пачатку жніўня 1941 г. немцы загадалі ўсім яўрэям з’явіцца на рэгістрацыю ў школу. Здаецца, што гэта было на трэці дзень пасля свята Іллі. Запіс рабілі солтыс Пётр Паўлавіч Ляшкевіч і камендант паліцыі Андрэй Іванавіч Ляўкоўскі.
Яўрэяў на вызначаных дзвюх падводах паліцаі павезлі ў Давыд-Гарадок. За вёскай Альшаны, ва ўрочышчы Хіноўск, з правага боку па дарозе Альшаны–Давыд-Гарадок, мужчын адвялі да выкапанай траншэі і расстралялі, а жанчын з дзецьмі адвезлі ў Давыд-Гарадок. Нашыя людзі потым сустракаліся з імі. Затым яўрэяў сканцэнтравалі ў г. Століне. Тут было створана гета, якое абнеслі калючым дротам. Столінскіх пакуль не расстрэльвалі. Ахоўвала паліцыя. Калі з’явіліся партызаны, то іх таксама расстралялі. Гаварылі, што быццам яны паднялі паўстанне, аднак партызаны не паспелі.
Перад адпраўкай наш сусед Літман прынёс да нас свае хатнія рэчы: куфар, посуд, вопратку. Спадзяваўся, што можа хто-небудзь застанецца жыць. Пасля экзекуцыі мясцовыя паліцаі, чалавек 10, уваліліся да нас у хату са стрэльбамі, перапалохалі маю маці і бабулю, забралі рэчы няшчасных.. Вязучы куфар, адзін з паліцаяў выхваляўся: «Фейга замуж ідзе!»
Жыццё пад акупацыяй. Са з’яўленнем немцаў калгас распаўся. Усе зноў сталі апрацоўваць сваю зямлю, а разам і былую панскую. Немцы давалі разнарадку на пэўную колькасць людзей, якія павінны былі з’явіцца на розныя працы: уладкаванне дарогі, нарыхтоўку дроў, прадстаўленне падвод, вывазку лесу і г. д. Працоўную сілу выстаўлялі ад кожнай гаспадаркі. Адпраўлялі на працу і ў іншыя месцы. Зімой–летам 1942 г. я разам з іншымі вяскоўцамі, а таксама з дзядзькам Паўлам працаваў на суднаверфі ў Давыд-Гарадку. Жылі па хатах у мясцовых гараджан. На суднаверфі працавала каля трох соцень чалавек. Кіраваў імі шэф-немец. Дзесятнікамі былі два савецкія ваеннапалонныя. Аднаго з іх па мянушцы Шарапаў перавялі з Давыд-Гарадка. Ён потым пайшоў у партызаны. На суднаверфі мы рабілі баржы, працавалі на лесапілцы. Месяцы два-тры папрацавалі, а затым нас, чалавек 40, перавялі на прыстань Нырча (вусце Гарыні і Прыпяці), дзе мы грузілі на баржы лес, які сплаўляўся па Гарыні. Адсюль лес сплаўлялі таксама плытамі ажно да г. Кіева. Колькі разоў плытагонам быў дзядзька, а таксама іншыя мужчыны старэйшага ўзросту Сцяпан Оверчук, Аляксей Яўсеевіч Андрайчук, Іван Яўсеевіч Жогаль. Назад яны вярталіся цягніком.
Дыверсія. У Нырчы быў кран, з дапамогай якога мы грузілі лес на баржы. Мы вырашылі вывезці яго са строю. Спадзяваліся што будзем адпачываць, пакуль будзе рамонт. Згаварыўшыся, падвялі чалку і замацавалі значна большую колькасць бярвенняў. Страла крана не вытрымала і ад напругі зламалася. Аднак чаканага перадыху не адбылося. Немцы пад ружжамі заставілі нас грузіць бярвенні ўручную. Для гэтага трэба было лезці па грудзі ў ледзяную ваду. Шмат хто з нас тады атрымаў розныя захворванні. Мы малілі бога, каб хутчэй немцы прывезлі новы кран. Аднак яны не спяшаліся. Дапамагло тое, што лета набрало моц і было тады цёплым. Не раз мы потым шкадавалі аб сваёй задумцы.
Вываз на прымусовую працу ў Германію. У нашай вёсцы былі тры масавыя адпраўкі на прымусовую працу ў Германію. Першая — у пачатку кастрычніка 1942 г., другая — праз два тыдні, трэцяя — у красавіку 1943 г. Я папаў ў першую партыю. Збіралі ў далёкі шлях усёй раднёй. З лазы наплялі некалькі пар лапцяў з новымі вяроўкамі, маці адрэзала свежых анучаў з даматканага ільнянога палатна, якое з даўніх часоў ляжала ў куфры. У мяшок паклалі салёнага сала, сушаную рыбу, масла, торбу сухароў і гліняны глечык мёду. Я быў апрануты ў старую дзедаву світку, таксама сшытую з самаробнага сукна.
Раніцай 5 кастрычніка 1942 г. вераніца падвод з маладымі хлопцамі і дзяўчатамі (больш за 40 чалавек) пад галашэнне родных і сваякоў пацягнулася ў г. Столін. У гэтым горадзе нас змясцілі ў перасыльным лагеры ў памяшканні былой школы. Праз некалькі дзён нас пад канвоем паліцэйскіх павялі на станцыю Гарынь. Там ужо знаходзілася вялікая колькасць моладзі з усяго раёна. Праз некалькі дзён нас пагрузілі ў таварныя вагоны і павезлі ў Нямеччыну. Са станцыі Гарынь у цяплушках прывезлі ў г. Брэст, дзе мы зноў некалькі дзён знаходзіліся за калючым дротам і праходзілі санапрацоўку.
З першага набору некалькі маладых людзей з нашай вёскі, у тым ліку наша суседка Алена Васільеўна Шпакевіч (тады Негнедовіч) (1923 г. н.), Алена Пытэль (1918 г. н.), Наталля Рэзановіч (Третьякевіч) (1923 г. н.) і некалькі чалавек з Альшан збеглі з лагера ў г. Брэсце і, пасля працяглых мытарстваў, у розны час з’явіліся дома. Альшанскіх немцы і паліцаі схапілі і расстралялі разам з сем’ямі. Алена Шпакевіч разам з адной дзяўчынай з Альшан прайшла больш 300 км без ежы і грошай, жывучы на тым, што дадуць добрыя людзі. Дома заставацца было небяспечна. Некалькі дзён яна хавалася за Прыпяццю ў сваякоў ў Запроссі. Потым ёй перадалі, што будзе расстраляна яе мама. Яна вярнулася, і была вывезена з другім этапам на захад Германіі на мяжу з Францыяй.
З г. Брэста нас зноў ў цяплушках павезлі праз Польшчу ў Германію. У вагоне не было ні скамеек, ні нават саломы. Ехалі сутак 5–7. За ўвесь час не давалі ні ежы, ні вады. Самае жудаснае было тое, што ў вагоне не было прыбіральні, а тут знаходзілася больш 50 маладых дзяўчат і хлопцаў ва ўзросце 17–20 год.
У другім наборы, у кастрычніку 1942 г., вымушаны былі паехаць мой дзядзька Павел Цімафеевіч і яго сын Аляксей Паўлавіч (1924 г. н.) Літвіны. Так дзядзьке параіў зрабіць стараста: «Каб я потым не быў вінаваты і каб не пацярпела сям’я». Тады ж у Нямеччыну па гэтай прычыне былі вывезены і іншыя актывісты нашай вёскі: Аляксей Паўлавіч Андрайчук, Канстанцін Пятровіч Карняйчук, Іван Яўсеевіч Жогаль (у трэцім наборы вывезлі дзвюх яго дачок Надзею (1924 г. н.) і Марыну (1927 г. н.)), Іван Матвеевіч Жогаль, Васіль Матвеевіч Жогаль. З пазіцый сённяшняга дня можа ўзнікнуць пытанне аб тым, чаму яны не пайшлі ў партызаны. Адкажу. Таму, што ў той час аб іх нічога канкрэтнага не было чуваць. Партызаны з’явіліся ў нашай мясцовасці толькі зімой 1943 г. Тады каўпакаўцы праходзілі праз нашу вёску ідучы з Мярлінскіх лясоў у раён Князь-возера.
У Нямеччыне. Прывезлі нас на захад Германіі, у прамысловы раён каля Дортмунда. Спыніліся ў г. Зыгін. Да лагера-размеркавальніка мы крочылі па вуліцы. Трэба было бачыць гэтую працэсію! Даматканыя світкі, разнакаляровыя хусткі, лапці на нагах, катомкі за плячыма, палатняныя белыя і фарбаваныя порткі і сарочкі. Прахожыя не хавалі свайго здзіўлення і цікавасці. Спыняліся і разглядалі нас, як нейкі цуд. У лагеры далі магчымасць памыцца ў лазні пад душам. Потым прыехалі так званыя купцы. Я разам са Сцяпанам Васільевічам Альгамцом і Валер’янам Фёдаравічам Андрэйчуком трапіў на працу на фабрыку Штаньгау ў вёсцы Галфер (дорф Галфер) вобласць Вестгалле-Тунгалле. Аляксей Фёдаравіч Кашэль і Якаў Фёдаравіч Карнейчук працавалі на фабрыцы Бука ў гэтай жа вёсцы, але жылі мы ў адным лагеры.
Гаспадаром нашай фабрыкі з’яўляўся Віллі Штаньгау. Фабрыка была невялікая, усяго чалавек 40–50. Майстрамі былі немцы Одо Цісс (Тісс) гадоў 35–40 і Ганс, прозвішча якога не памятаю, рабочым — Одо Шайда і інш. Лагер знаходзіўся ў в. Галле. Тут знаходзіліся баракі, у якіх месцілася каля 2 тысяч чалавек. У асноўным гэта былі падлеткі, але сустракаліся і ваеннапалонныя французы, італьянцы. Паўгода ці год на працу і з працы нас вадзілі пад канвоем, а потым мы самі хадзілі, ці прыходзіў вахман з фабрыкі да 6 гадзін раніцы і забіраў нашу групу: пяць беларусаў (нас там звалі рускімі), двух французаў і пяць італьянцаў. Адносіны да нас французаў і італьянцаў былі вельмі добрыя. Адзначу, што да італьянцаў немцы адносіліся вельмі кепска, здзекваліся з іх так, як і з савецкіх ваеннапалонных.
На фабрыцы мы працавалі з 6 гадзін раніцы да 6 гадзін вечара. Рабілі нейкія дэталі. Я працаваў на пнеўматычным молаце, сіла ўдара якога дасягала 35 тон. Адной рукой патрэбна было падаць нарыхтоўку, а другой павярнуць рычаг. Праца вельмі манатонная і непрыемная: дэталі штампаваліся ў гарачым стане, таму ў памяшканні стаяла высокая тэмпература. Мы абліваліся потам. Вопратка больш некалькі нядзель не вытрымлівала і развальвалася на шматкі. Абуткам для нас былі драўляныя калодкі, нашкалт шлёпанцаў. Шкарпэтак не было.
Праца была вельмі небяспечная. Сярод кавалёў-штампоўшчыкаў быў вялікі траўматызм. Не мінула гэтая бяда і мяне. Восенню 1944 г. молатам мне закранула левую нагу і раздрабіла костку каля калена. Хачу адзначыць, што у нашым цэху працаваў майстрам немец Одо Цісс. Ён быў вельмі добрым чалавекам. Шмат хто, у тым ліку і я, абавязаны яму жыццём. Ён хутка пераціснуў мне нагу і разам з фельчарам палажыў гіпс. Цэлы месяц я ляжаў у лагеры. Каб не вясковыя хлопцы і рабочыя нашага цэха, памёр бы з голаду. Калі малады фельчар здымаў гіпс, яго двойчы ванітавала. Нага да косткі кішэла вошамі. Немцы прапанавалі адрэзаць нагу, але я не пагадзіўся. Лепей памру. Урач сказаў, што можна ісці на працу. А як? Кавыляў на кастылі з дапамогай хлопцаў. Прытым дапамагалі ісці ўсе: і італьянцы, і французы. Паставілі зноў на прэс. З двума нагамі было цяжка, а з адной стала зусім нясцерпна. Зразумеў, што загіну. Вырашыў непрыкметна падсунуць палец пад прэс. Гэта не выклікала падазрэння, таму што за дзень да гэтага тры пальцы адсекла нямецкаму кавалю. Пашчасціла, мяне перавялі на іншую працу — у цэх.
Амерыканцы і англічане восенню 1944 і зімой 1945 г. праводзілі пастаянныя бамбардзіроўкі. Падчас авіяналётаў немцы хаваліся ў бомбасховішчы, а OST і вестарбайтары — у спецыяльна выкапаныя траншэі на двары. Страху перад самалётамі чамусьці небыло. Самым шчаслівым днём у сваім жыцці лічу 11 красавіка 1945 г. Апоўдні, калі мы пасля чарговага авіяналёта вылезлі з траншэі, я ўбачыў амерыканскіх салдат: двух неграў і аднаго белага, якія ўязджалі на джыпе ў вароты фабрыкі. Цяжка сказаць, аб чым яны думалі, гледзячы на жывых шкілетаў, якія выпаўзалі з траншэі. Пры маім росце 1 м 85 см я важыў тады 45 кг. У амерыканцаў тады ўжо быў пеніцылін, дзякуючы прымяненню якога мая рана пачала хутка загойвацца.
На наступны дзень наш лагер эвакуіравалі далей ад лініі фронту і таму нас перадалі англічанам. Тыя кармілі нас вельмі добра. Летам прыехалі савецкія афіцэры і пачалі запісваць жадаючых вярнуцца на радзіму. Я, як і большасць рускіх, запісаўся. Пад кіраўніцтвам савецкіх афіцэраў мы займаліся страявой падрыхтоўкай, вывучалі зброю, рыхтаваліся да таго, што паедзем ваяваць з Японіяй. Мы з цікавасцю слухалі аб жыцці ў Савецкім Саюзе. Аднак на фронт мы не папалі. У верасні аб’явілі, што вайна закончылася і мы можам выбіраць куды ехаць. Шмат было агітацыі, каб ехалі ў Амерыку і Аўстралію. Але мы з нашымі вяскоўцамі вырашылі вяртацца дамоў. 6 кастрычніка 1945 г. мы прыбылі дадому, правёўшы роўна 3 гады на чужыне. У Савецкую Армію мяне не ўзялі з фармулёўкай «несоответствие веса тела росту» і з той прычыны, што я ўладкаваўся на працу бакеншчыкам на раку Прыпяць, дзе працаваў да 1968 г.
Загінулі ў Германіі: Васіль Іванавіч Баган (пры наступных абставінах: ноччу пайшоў на поле ўзяць бульбы і згубіў нумарок, які немцы знайшлі, таму адправілі ў канцлагер, дзе і загінуў), Іван Фёдаравіч Карнейчук, Іван Фёдаравіч Жогаль.
Кастрычнік 2003 г.
Загадчык аддзела ваеннай гісторыі
Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі,
доктар гістарычных навук, прафесар
Аляксей Міхайлавіч Літвін
(г. Мінск, 2020 г.)